LEONARDO 2019 ФЕСТИВАЛЬ АРХИТЕКТУРНАЯ ОСЕНЬ
КРУГЛЫ стол па спадычне і дзейнасці грамадскай супольнасці БСА 10 кастрычніка

Падзея

Як пераадольваць канфліктныя сітуацыі пры рэалізацыі горадабудаўнічых праектаў?

10 кастрычніка ў Беларускім саюзе архітэктараў адбыўся “круглы стол” на актуальную і вострую тэму "Рэалізацыя права грамадскай супольнасці на ўдзел у прыняцці рашэнняў па развіцці тэрыторый з гістарычнай значнасцю".  Яго арганізавалі Беларуская асацыяцыя студэнтаў архiтэктараў (БАСА), урбанiстычная iнiцыятыва Добры горад / Good city, ICOMOS-Беларусь, суполка “Городские Тактики” пры актыўным удзеле і садзейнічанні БСА.

Адбылася дыскусійная, праблемная размова экспертаў, якія паставілі сваёй задачай выпрацоўку своеасаблівай “дарожнай карты”. Не сакрэт, што апошнім часам некаторыя горадабудаўнічыя ініцыятывы і праекты, ініцыянаваныя гарадскімі ўладамі,  выклікаюць спрэчкі. А грамадскія абмеркаванні, замест таго, каб садзейнічаць выпрацоўцы найлепшых падыходаў, пераўтвараюцца ў банальныя мітынгі.

Між тым, культурная спадчына – гэта вынік сумяшчэння эканамічных, сацыяльных і культурных інтарэсаў грамадства ў прасторы і часе. Адна з важных уласцівасцяў спадчыны – наяўнасць патэнцыялу для развіцця горада і супольнасцяў.

Здавалася б, праекты новага будаўніцтва ў гістарычных цэнтрах нашых гарадоў мусяць дадаваць ім каштоўнасці, а не змяньшаць яе. Але чаму ў рэальнасці менавіта спадчына становіцца галоўнай ахвярай развіцця? Як зрабіць, каб ідэальная схема працавала?

 Прааналiзаваўшы кейсы, якiя узнiкалi апошнiм часам у Беларусі, можна з упэўненасцю сказаць: iснуючыя iнструменты прыняцця рашэнняў не заўседы спрацоўваюць належным чынам. У першую чаргу гэта тычыцца праблем захавання аб’ектаў, вакол якiх няма згуртаванай супольнасцi са зразумелымi ўсiм бакам iнтарэсамi. Адным з інструментаў прыняцця аптымальных рашэнняў, у тым лiку адносна такiх аб’ектаў, бачыцца ўдзел грамадскіх незалежных экспертаў, пакліканых бараніць інтарэсы як прафесійных ідэалаў, гэтак і мясцовых супольнасцяў.

Аднак тут паўстае праблема суб’ектнасці грамадзянскай супольнасці. Хто ставіць задачу для незалежнай экспертызы? Якім чынам мусіць улічвацца думка экспертаў? Чаму так часта экспертыза выкарыстоўваецца для легітымізацыі пратэста ці кепскіх праектных рашэнняў? Які прававы інструментар ужо створаны, а які ўсё яшчэ неабходна выпрацоўваць?

У ходзе “круглага стала” эксперты выказалі шэраш слушных зашваг і прапаноў, сярод якіх – павышэнне інфармаванасці насельніцтва, магчымае спрашчэнне і, наогул, удакладненне некаторых норм заканадаўства. Да прыкладу, прызначэнне тых жа грамадскіх слуханняў бакі, якія ў іх удзельнічаюць,  успрымаюць па-рознаму. Улады і архітэктары ставяць на мэце проста інфармавацью. А людзі чакаюць, што будзе дыялог, заснаваны на абмеркаванні і ўлічванні пазіцый супольнасцяў.  На гэты аспект звярнула ўвагу намеснік старшыні БАСА Ганна АРЛЮК.

На думку намесніка старшыні праўлення БСА Міхаіла Гаухвельда, якую ён агучыў на “круглым стале”, пакуль высілкам спецыялістаў і улад бракуе кансалідацыі. Кожны займаецца сваім аб’ектам, дбае пра яго, але нейкай агульнай стратэгіі пакуль не выпрацавана. Але ж ёсць і ўдалыя прыклады, і дзейснасць грамадскіх ініцыятыў. Праўда, па той жа Асмолаўцы пытанне далёка не закрыта, і нельга лічыць, што з паляпшэннем эканамічнай сітуацыі гэта месца не стане ўсё ж “ахвярай” на карысць рэалізацыі чарговага інвестпраекта.   

Напрыканцы “круглага стала” галоўны архітэктар “Мінскграда” Аляксандр Акенцьеў прывёўтакую лічбу: калі спачатку планавалася, што знос сядзібнай забудовы ў Мінску будзе ажыццяўляцца ў прапорцыі 60 на 40 адсоткаў, то зараз “Мінскграда” прыняў іншыю формулу – 40 на 60. А гэта значыць, грамадскасць дабілася таго, каб меншая частка такой забудовы ішла пад бульдозер. Ёсць сэнс і надалей працаваць у гэтым накірунку, то бок, старацца ўдасканальваць саму працэдуру, якасны ўзровень грамадскіх ініцыятыў, больш цесна і прадуктыўна ўпісваць іх у агульны горадабудаўнічы працэс – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі “круглага стала”…    

Алена Майская