У Жыткавіцкім раёне будзе адрэстаўравана унікальная драўляная капліца

Праваслаўная Хрыстаўздзвіжанская капліца пабудовы XIX стагоддзя – узор драўлянага дойлідства на Беларусі – захавалася ў аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна. Праўда, аб’ект зараз знаходзіцца ў не вельмі добрым стане. Драўляныя канструкцыі пачалі разбурацца, патрабуецца тэрміновае ўмяшальніцтва спецыялістаў. Ці ёсць у капліцы шанец атрымаць другое жыццё?

Старшыня праўлення Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон АСТАПОВІЧ дзеліцца планамі:

  • Калі аніякі форс-мажор не перашкодзіць, то ў траўні 2019 года гэтая каплічка, якая пабудавана на могілках у Леніне ў гонар вызвалення сялян ад прыгона ў 1861 годзе, будзе адрэстаўравана. Дарэчы, само мястэчка Ленін сёлета адзначыла сваё 580- годдзе. Цікава, што назва яго ніколі не мянялася…

У свой час, дарэчы, на тэрыторыі сучаснай Беларусі расійскаму імператару Аляксандру II Вызваліцелю і ў гонар скасавання прыгону помнікаў было пастаўлена шмат. Але ў савецкі час многае было страчана, некаторыя помнікі наўмысна знішчаны, на вялікі жаль. Што да аб’екту ў Леніне, то стан цяпер такі, што многія месцічы з сумам думалі – каплічка ціха спарахнее. Аднак знайшліся людзі, не абыякавыя да гісторыі, культуры, архітэктуры роднага краю. 

  • Гэта сумесны праект Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, мясцовага сельскага Савета, непасрэдна – яго старшыні Васіля НЯМЧЭНІ, мясцовага ж прыхода ў асобе айца Дзмітрыя і бізнэсоўца з польскага Шчэціна Анджэя АСКАЛЬДОВІЧА, чые радавая карані – як раз з Леніна, – падкрэслівае Антон Астаповіч.

Энтузіясты спрабавалі дабіцца, каб аб’екту быў афіцыйна нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

  • На жаль, не атрымалася, – кажа Васіль Нямчэня. – А гэта значыць, што разлічваць на нейкія бюджэтныя сродкі для рэстаўрацыі няма падстаў. Асноўны спадзеў менавіта на спонсарскую дапамогу нашага земляка. Пакуль мы не ведаем, колькі грошай спатрэбіцца на ўсе работы. Але ёсць ўжо праект, зроблены Антонам Астаповічам, дзе дэталёва прапісана, як будзе ажыццяўляцца праца, з ужываннем якога матэрыялу. Тое, што давядзецца выкарыстоўваць драйўляны брус, –пытанне вырашанае. Інакш нельга, бо тады аб’ект страціць сваю аутэнтычнасць.

Да таго ж, традыцыі беларускага драўлянага дойлідства, якія налічваюць не адзін век, вымагаюць ад рэстаўратараў менавіта такога – дакладнага, абачлівага, скрупулёзнага падыходу.

А вось што матывуе польскага бінесоўцу актыўна ўдзельнічаць у праектах у Леніне? Найперш, радавыя карані не адпускаюць.

  • Сапраўды, гэта ўжо не першы крок на шляху нашай супрацы з панам Анджэем, – распавядае Васіль Нямчэня. – Ён усталяваў за свае сродкі гістарычны камень у памяць месцічаў, якія загінулі тут у гады Другой сусветнай вайны. Таксама з яго фінансавай дапамогай абазначана месца, дзе ў гады Вялікай Айчыннай была спалена царква. А пачалося ўсё з цікавасці польскага бізнесоўцы да сваіх каранёў:высветлілася, што яго маці родам з Леніна, а ў ваеннае ліхалецце трапіла ў Польшчы, дзе і сустрэлася з будучым мужам, нарадзіла сына… Прыемна, канешне, што цяпер гэты чалавек, маючы сродкі і магчымасці, не забыўся, адкуль ён родам. Вось і літаральна ў наступным месяцы зноў прыедзе да нас, будзем абмяркоўваць планы, як працаваць далей…  

Па словах кіраўніка мясцовай улады, рэстаўраваць, адраджаць падобныя аб’екты – насамрэч, не так і лёгка. Вельмі часта яны папросту не стаяць ні на якім балансе, не маюць патрэбных дакументаў. Усе гэта, дарэчы, можа зацягваць працэс аднаўлення.

  • Канешне, было б цудоўна на весну 2019-го завяршыць працу з каплічкай… Але казаў бы пра тэрміны з асцярожнасцю, бо  мне бачыцца сур’ёзны аб’ём работ. Давядзецца ж разабраць  тое, што засталося. І дакладна на гэтым жа месцы, з захаваннем элементаў старой пабудовы, узвесці фактычна абноўленую капліцу…    

Старадаўнія пабудовы – побач з сучаснымі

У Леніне, на хрысціянскіх могілках, захавалася не толькі гэтая адметная культавая пабудова.  Узведзены таксама і сучасны праваслаўны храм. Недалёка знаходзяцца адзіныя на тэрыторыі Беларусі яўрэйскія могілкі, вядомыя яшчэ з XVI стагоддзя і дзе захаваліся драўляныя помнікі. Некаторыя – засталіся ўстаноўленымі, іншыя – собраны пад павець, каб засцерагчы іх ад ападкаў.

У Леніне таксама можна пабачыць старыя пабудовы  канца XIX – пачатку XX стагоддзяў (зараз у іх месцяцца лясніцтва і праваслаўная царква). Усе гэтыя аб’екты ў сукупнасці і паасобку – добрая нагода, каб у Ленін прыязджала як мага больш турыстаў, у тым ліку – замежнікаў.  

Іна ГАРМЕЛЬ,

ілюстрацыі з асабістай старонкі Антона Астаповіча ў FACEBOOK