![]() |
3 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вядомага архітэктара, навукоўца, педагога Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава. У яго жыцці цесна перапляліся дзве краіны: ён адраджаў гарады і сёлы Расіі, у Беларусі стварыў выдатную школу архітэктуры. Расійскі этап жыццёвага шляху склаў 45 гадоў, беларускі – 40.
Ігар Белагорцаў нарадзіўся і вырас у Барнауле, тут атрымаў сярэднюю адукацыю. Пасля школы паступіў у Сібірскую сельскагаспадарчую акадэмію ў Омску на спецыяльнасць «інжынер па планіроўцы населеных месцаў».
Першым рэгіёнам, дзе Белагорцаў рэалізаваў сябе прафесійна, была менавіта Сібір. Тут ён праявіў прыродную інтуіцыю, кемлівасць, крэатыўнасць, схільнасць да нестандартных рашэнняў, здольнасць да сістэмнага аналізу. Почырк маладога спецыяліста неўзабаве стаў адчувацца ў планах гарадскіх пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў Якуцкай АССР, Новасібірскай вобласці. Зорны час праектнай дзейнасці – удзел у распрацоўцы генеральнага плана малой радзімы, а таксама Томска. Усе пералічаныя моманты складаюць галоўную, але не адзіную частку дзейнасці на дадзеным этапе жыцця. Ужо ў гэты час ён стаў выкладаць у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Пастаянна займаўся самаадукацыяй і вучыўся завочна ў Маскоўскіх планавым інстытуце і інстытуце замежных моў. Безумоўна, гэта дапамагала сачыць за найноўшымі тэнденцыямі ў галіне горадабудаўніцтва і архітэктуры, пашырала маштабнасць мыслення, замацоўвала яго інавацыйнасць.
З пачаткам вайны І.Д. Белагорцаў актыўна займаецца ўладкаваннем шпіталяў, дзеля гэтага праводзіцца пераабсталяванне ўжо існуючых будынкаў. У той час у Сібіры актыўна нарошчваўся той сегмент народнагаспарчага комплекса, які супадаў з эвакуіраванымі суб’ектамі гаспадарання. Ігар Дзмітрыевіч клапаціўся пра аптымальныя варыянты іх размяшчэння. А яшчэ у Сібір хлынуў паток бежанцаў з Еўрапейскай часткі СССР. І Белагорцаў займаўся пытаннямі забеспячэння іх жыллём.
З 1945 г. лёс звязаў І.Д. Белагорцава са Смаленскам. На той час ужо кандыдат архітэктуры ён быў прызначаны на пасаду загадчыка Смаленскага абласнога аддзела па справах архітэктуры. Прыехаўшы на месца новай работы, адразу стаў грунтоўна знаёміцца са становішчам населеных пунктаў. Неўзабаве аб'ездзіў усю вобласць. Вымалёўвалася першараднасць аднаўленчага працэса па прычыне разбурэнняў, вобласць трэба было фактычна ўзнімаць з руін. Свой план прадставіў абкаму партыі. І бюро абкама цалкам пагадзілася з праектам аднаўлення жылых раёнаў, райцэнтраў, прыгарадных зон. Адначасова загадчык аддзела рэдагаваў кнігі пра аптымальныя варыянты адпаведнага праектавання. Выданні былі вельмі патрэбныя. Спецыялісты знаходзілі тут адказы на надзённыя пытанні вытворчасці тапаграфічных прац, ажыццяўлення добраўпарадкавання сёл вобласці.
Варта асобна адзначыць, з якой энергіяй І.Д. Белагорцаў змагаўся за захаванне помнікаў архітэктуры Смаленскай вобласці. Вельмі цяжка даваліся спробы атрымаць згоду высокага начальства наконт рэстаўрацыі старажытнага Смаленска. І ўрэшце рэшт ён прабіў сцяну непаразумення. Не было ніводнага помніка архітэктуры вобласці, пра які б ён не ведаў. Уласнаручна склаў поўны і дакладны спіс адпаведных помнікаў. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў на пасадзе загадчык аддзела І.Д. Белагорцаў вывучыў літаральна кожны сантыметр тэрыторыі, дзе можна было застаць руіны старадаўняй архітэктуры. Калегі ведалі пра яго фанатычную адданасць справе ўсебаковага вывучэння архітэктурнай спадчыны Смаленскага краю, лічылі, што ніхто так не ведае праблемы спадчыны. Канешне, патрэбна была падтрымка неабыякавых людзей. І Ігар Дзмітрыевіч такіх знайшоў. Гэта былі добра вядомыя ў СССР мастак І. Грабар і археолаг М. Варонін. Яны аказаліся першымі чытачамі ягоных чатырох кніг па архітэктуры Смаленска і вобласці, якія ўбачылі свет у абласным цэнтры пад час працы на пасадзе загадчыка аддзела. І. Грабар і М. Варонін высока іх ацанілі. Яны адзначалі, што аўтар грунтоўна разабраўся ў вельмі няпростых для разумення летапісных крыніцах. Не засталося таксама па-за ўвагай уменне Ігара Дзмітрыевіча падаць разнастайныя нюансы старажытнарускага будаўніцтва такім чынам, каб па-сапраўднаму захапіць чытача.
А зараз звернемся да беларускага этапа работы героя нарыса. Кіраўніцтва рэспубліканскай партыйнай арганізацыі мела падрабязную інфармацыю пра праектную, навуковую, педагагічную дзейнасць І.Д. Белагорцава. Нядзіўна, што ЦК КПБ звярнуўся да таленавітага ўраджэнца Барнаула з прапановай заняць высокую пасаду ў БССР. Белагорцаў пагадзіўся на пераезд у Мінск. Яго прызначаюць намеснікам дырэктара Інстытута будаўніцтва і архітэктуры Акадэміі навук БССР. Кандыдат архітэктуры адначасова стаў выкладаць у Беларускім політэхнічным інстытуце (зараз гэта Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).
На календары быў 1956 год. І. Белагорцаў сабраў вакол сябе вельмі працаздольны калектыў, якому было пад сілу вырашэнне самых складаных праблем. Першы сакратар ЦК КПБ К.Т. Мазураў паставіў задачу распрацаваць перспектыўныя напрамкі горадабудаўніцтва БССР. Белагорцаў і яго паплечнікі шмат зрабілі ў гэтым накірунку. На імя старшынь Савета Міністраў БССР М.Я. Аўхімовіча, Ц.Я. Кісялёва неаднойчы дасылаліся (прыходзілі) аналітычныя запіскі за подпісам І.Д. Белагорцава. У іх утрымліваліся меркаванні наконт таго, як размяшчаць прадукцыйныя сілы БССР з улікам эканамічнага, экалагічнага, дэмаграфічнага чыннікаў; як трэба ацэньваць праекты архітэктурна-скульптурных комплексаў, што былі ва ўсіх на слыху. Вялікая адказнасць лягла на плечы Ігара Дзмітрыевіча, калі ён узначаліў экспертную камісію па конкурсных праектах мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой». Будаўніцтва мемарыяла вялося пад пільным кантролем з боку першага сакратара ЦК КПБ П.М. Машэрава. Уладныя структуры былі задаволены працай старшыні экспертнай камісіі. Ігар Дзмітрыевіч ніколі не адмаўляўся, калі да яго звярталіся дасведчаныя органы наконт экспертызы праектаў раённай планіроўкі. Яго слова мела нямалую вагу, калі абмяркоўваліся шматлікія генпланы гарадоў. Шэсцьдзесят гадоў таму выйшла кніга «Архитектура и градостроительство», напісаная ў сааўтарстве. І зноў варта адзначыць станоўчыя водгукі экспертнага супольніцтва.
А ў 1966 г. Белагорцава прызначаюць першым рэктарам Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, зараз гэта Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Ігар Дзмітрыевіч узначальваў вышэйшую навучальную ўстанову 14 гадоў. Што ж умясцілі гэтыя гады? Найперш – стварэнне адной з моцных школ архітэктуры. Сфарміраваліся вучэбная і лабараторная базы. ВНУ выпусціла тысячы спецыялістаў для народнай гаспадаркі БССР. Значна павялічылася колькасць выкладчыкаў, якія мелі вучоныя ступені. З’явіліся першыя ў Брэсцкай вобласці ўладальнікі вучонага звання «прафесар» і вучонай ступені «доктар навук». У першым выпадку размова ідзе якраз пра Ігара Дзмітрыевіча. Ён заслужыў гэта званне плённай навуковай працай і вельмі эфектыўнай выкладчыцкай дзейнасцю. Толькі з 1967 па 1979 гг. выступіў суаўтарам наступных кніг: «Развитие городов Белоруссии», «Справочник по благоустройству и озеленению населенных мест», «Градостроительство Белорусской ССР», «Социальное и экономическое регулирование расселения населения на территории Белорусского Полесья». Дзевяць гадоў рэктар кіраваў кафедрай «Горадабудаўніцтва і планіроўка сельскіх населенных месцаў». Першы рэктар запомніўся работнікам сваёй інтэлігентнасцю. Кожны працоўны дзень пачынаў з абходу ўсіх падраздзяленняў інстытута; з усімі вітаўся, жадаў плённага дня. Добра сябе праявіў на польскім напрамку народнай дыпламатыі. Ён стаяў ля вытокаў супрацоўніцтва інстытута з навукоўцамі, будаўнікамі Польскай Народнай Рэспублікі, актыўна працаваў над удасканаленнем яго форм і зместу. Як вынік – узнагародная калекцыя папоўнілася медалямі пашаны г. Бяла-Падляска, універсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры г. Любліна.
У 1980 г. скончыўся брэсцкі перыяд працоўнай дзейнасці Белагорцава і настаў другі мінскі. Ігар Дзмітрыевіч перайшоў ў Мінскі інстытут культуры, зараз Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Прафесар І.Д. Белагорцаў адзначыўся паспяховым складаннем вучэбнай праграмы па «Истории искусств Белоруссии». Студэнты на адным подыху слухалі яго бліскучыя лекцыі па курсах «Введение в историю мировой культуры», «Памятники культуры». У другі мінскі перыяд у суаўтарстве выдаў кнігу «Районная планировка и региональное расселение».
Праца Ігара Дзмітрыевіча на карысць Айчыны была заўважана. Яго грудзі ўпрыгожвалі ордэн «Знак Пашаны», шэраг медалёў. Памёр Ігар Белагорцаў 17 кастрычніка 1996 г. На ўваходзе ў галоўны корпус Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ўсталёвана мемарыяльная дошка ў гонар першага рэктара. Па стапах Ігара Дзмітрыевіча пайшоў ягоны сын, Руслан Ігаравіч, які доўгі час працаваў галоўным архітэктарам горада Мінска.
Міхаіл Стралец